ТАКСІ́ЧНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ,

водарасці, здольныя выпрацоўваць таксіны (альгатаксіны). Таксічныя ўласцівасці вядомы ў некалькіх дзесяткаў відаў сіне-зялёных і дынафітавых, некат. родаў залацістых і зялёных водарасцей. Таксіны марскіх дынафітавых водарасцей, якія выклікаюць «чырвоныя прылівы» каля берагоў Канады, Вялікабрытаніі, Японіі, у трапічных і субтрапічных зонах акіянаў і мораў, належаць да нейратаксінаў і паводле ўздзеяння нагадваюць яд курарэ. Таксіны сіне-зялёных водарасцей адносяць да моцных парэнхіматозных ядаў (С-фікацыянін). Звычайны для вадаёмаў Беларусі мікрацысціс сінявата-зялёны мае таксін, які па біял. уздзеянні і хім. уласцівасцях блізкі да тэрмастабільнага яду бледнай паганкі. Інтаксікацыя вады прыводзіць да атручэння дзікіх і свойскіх жывёл, птушак. У некат. людзей пры кантакце з таксічнымі водарасцямі ўзнікаюць алергіі, кішачна-страўнікавыя расстройствы, пры ўжыванні вады ў час «цвіцення» або рыбы з такога вадаёма — таксікозы.

Т.​М.​Міхеева.

т. 15, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)